Вобласці Беларусі   

Гомельская вобласць 

Прыродныя ўмовы. Гомельская вобласць размешчана на паўднёвым усходзе Беларусі і мяжуе з Расіяй і Украінай. Па плошчы (40,4 тыс. км2) саступае Мінскай вобласці. Болышая частка тэрыторыі размешчана ў межах Палескай нізіны. Паўднёва-ўсходняя і ўсходняя часткі ляжаць на Прыдняпроўскай нізіне. На правабярэжжы Прыпяці размешчана Мазырская града, каля вёскі Ніжнія Жары — самы паўднёвы пункт Беларусі. Гомельская вобласць вылучаецца разнастайнасцю карысных выкапняў. Тут ёсць нафта (больш за 60 радовішчаў, пераважна ў Рэчыцкім, Светлагорскім і Акцябрскім раёнах), калійная і каменная соль, буры вугаль, гаручыя сланцы, а таксама торф, будаўнічы камень, шкловыя і фармовачныя пяскі, мел, гіпс, гліны, каалін, мінеральныя (нават поліметалічныя) воды.

Клімат умерана кантынентальны з мяккай зімой і цёплым летам. Рэкі належаць да басейна Дняпра, які цячэ па тэрыторыі вобласці з поўначы на поўдзень на працягу амаль 400 км. 3 прытокаў Дняпра найболынымі з’яўляюцца Прыпяць, Бярэзіна і Сож. У Прыпяць упадаюць Случ, Пціч, Сцвіга, Убарць і інш. Прытокі Сажа — Іпуць і Беседзь. Самае вялікае Чырвонае возера з’яўляецца трэцім па велічыні ў Беларусі. Глебы сельскагаспадарчых угоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя, большасць мінеральных глеб складаюць глебы лёгкага механічнага складу. Балоты займаюць 4 % тэрыторыі, яны пераважна нізінныя і большасцю асушаны. Лесам занята 49 % тэрыторыі вобласці, але на захадзе і поўдні лясістасць значна большая. У вобласці створаны Нацыянальны парк «Прыпяцкі».

Амаль 70 % плошчы Гомельшчыны забруджана радыенуклідамі з працяглым тэрмінам паўраспаду. Найбольш забруджана паўднёвая частка, дзе створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік — адзіны ў свеце такога тыпу.

Насельніцтва. У Гомельскай вобласці пражывае 1,5 млн чалавек, па яго колькасці яна саступае толькі Мінскай вобласці. Па колькасці сельскага насельніцтва Гомельшчына сярод абласцей займае трэцяе месца, па яго долі ў агульнай колькасці апярэджвае толькі Магілёўскую вобласць. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва — 37 чал/км2. На долю гарадскога насельніцтва прыпадае 70 %. У межах Гомельскай вобласці налічваецца 21 адміністрацыйны раён, 35 гарадскіх паселішчаў і 2,6 тыс. сельскіх населеных пунктаў На радыяцыйна-забруджаных у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС тэрыторыях жывуць болын за 1,1 млн чалавек, або 75,9 % насельніцтва вобласці. Асноўнае насельніцтва — беларусы (84,2 %), жывуць рускія (11 %), украінцы (3,3 %) і інш.

Прамысловасць. Прадпрыемствы Гомельскай вобласці вырабляюць 20 % рэспубліканскага аб’ёму прамысловай прадукцыі.

У Гомельскай вобласці сканцэнтраваны амаль увесь аб’ём здабычы ў краіне нафты, натуральнага газу, вытворчасці пракату чорных металаў, збожжаўборачных камбайнаў, увесь аб’ём вытворчасці ў краіне фосфарных угнаенняў, металакорду, кор-маўборачных камбайнаў, паліраванага шкла, вырабляецца 93 % ад агульнай вытворчасці ў краіне сталі, 94 % школьных сшыткаў, 70 % шпалераў, 58 % кардону, 52 % паперы, 54 % маргарыну. У вобласці здабываецца 1,8 млн т і перапрацоўваецца амаль 8 млн т нафты, выплаўляецца 1,6 млн т сталі, вырабля ецца амаль 0,3 млн т кухоннай солі.

Асноўныя прамысловыя прадпрыемствы вобласці размешчаны ў гарадах Гомель, Мазыр, Жлобін, Светлагорск, Рэчыца. Дзейнічае свабодная эканамічная зона «Гомель-Ратон». Эканамічныя сувязі з іншымі краінамі развіваюцца ў рамках еўрарэгіёна «Дняпро».

Сельская гаспадарка. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі займаюць 35 % тэрыторыі вобласці (1,4 млн га). Найбольш асвоены Буда-Кашалёўскі, Кармянскі і Добрушскі раёны. Пераважаюць пасевы збожжавых і кармавых культур. Значна павялічыліся плошчы пасеваў рапсу і агародніны, а бульбы — зменшыліся. У краіне вобласць вылучаецца як галоўны вытворца цыбулі, часнаку, зялёнага гарошку. Спецыялізуецца на мяса-малочнай і малочна-мясной жывёлагадоўлі з развітай свінагадоўляй і бульбаводствам. Вакол Гомеля склалася прыгарадная зона спецыялізацыі сельскай гаспадаркі (малочная і малочна-мясная жывёлагадоўля, птушкагадоўля, развітое агародніцтва, асабліва цяплічнае, садоўніцтва), такая ж хутка развіваецца вакол Мазыра.

Гарады. Адміністрацыйны цэнтр вобласці Гомель (каля 0,5 млн жыхароў) — другі па колькасці насельніцтва горад Беларусі. Зна-ходзіцца за 301 км на паўднёвы ўсход ад Мінска. У летапісе ўпершыню ўпамінаецца пад 1142 г. Стаіць на рацэ Сож пры ўпадзенні Іпуці. У горадзе працуюць больш за 100 прамысловых прадпрыемстваў У структуры прамысловасці перавышае машынабудаванне і металаапрацоўка.

У Гомелі 7 вышэйшых навучальных устаноў: універсітэт імя Ф. Скарыны, універсітэты транспарту, тэхнічны імя П. В. Сухога, гандлёва-эканамічны спажывецкай кааперацыі, медыцынскі і інш. У Гомелі дзейнічаюць драматычны тэатр, тэатр лялек, цырк і філармонія — усяго больш за 80 устаноў кулыуры, праводзяцца міжнародныя фестывалі.

Другі па значэнні ў вобласці горад Мазыр (амаль 112 тыс. жыхароў), які знаходзіцца на рацэ Прыпяць за 133 км на паўднёвы ўсход ад Гомеля. Упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 1155 г. Сучасны Мазыр — буйны прамысловы цэнтр. Сваю прадукцыю выпускаюць заводы нафтаперапрацоўчы, «Мазырсельмаш», «Беларускабель» і інш. Дзейнічаюць рачны порт і аэрапорт. У Мазыры рыхтуюцца спецыялісты ў педагагічным універсітэце імя I. П. Шамякіна. У 1990 г. адкрыўся драматычны тэатр імя I. П. Мележа.

Горадам-спадарожнікам Мазыра з’яўляецца горад Калінкавічы (каля 40 тыс. жыхароў) — вузел чыгунак на Гомель, Жлобін, Брэст, Оўруч (Украіна) і аўтамабільных дарог, вядомы сваімі прадпрыемствамі, Палескім аграрным каледжам і гісторыка-краязнаўчым музеем.

Хутка развіваецца Жлобін (звыш 70 тыс. жыхароў), які размешчаны за 83 км на паўночны захад ад Гомеля на рацэ Дняпро. Вузел чыгуначных і аўтамабільных дарог. Прамысловы комплекс горада вызначаюць металургічны завод і таварыства «БелФА». У горадзе існуе адзіны ў Беларусі металургічны тэхнікум. У 1989 г. заснаваны гісторыка-краязнаўчы музей. Ёсць заапарк.

Малады горад Светлагорск (болып за 70 тыс. жыхароў) узнік каля былога гарадскога пасёлка Шацілкі ў сувязі з будаўніцтвам Васілевіцкай ДРЭС (цяпер Светлагорская ЦЭЦ). Знаходзіцца на рацэ Бярэзіна. Вельмі кампактны і сучасны горад у сасновым бары, налічвае сем мікрараёнаў Працуюць цэлюлозна-кардонны камбінат, аб’яднанне «Хімвалакно», фабрыка мастацкай інкрустацыі. У горадзе ёсць музей гісторыі горада і карцінная галерэя «Традыцыя». Для Светлагорска, як цэнтра хімічнай прамысловасці, актуальна экалагічная праблема, звязаная з забруджваннем ракі Бярэзіна і паветра прамысловымі выкідамі.

Горад Рэчыца (каля 70 тыс. жыхароў) стаіць на правым беразе Дняпра пры ўпадзенні ў яго ракі Ведрыч за 50 км на захад ад Гомеля. Аўтамабільныя дарогі, чыгуначная станцыя і рачны порт забяспечваюць яго сувязі з іншымі гарадамі краіны. Рэчыца — горад развітай прамысловасці. Тут размешчаны метызны і газаперапрацоўчы заводы. На поўнач ад Рэчыцы ў вёсцы Азяршчына знаходзіцца суднабудаўніча-суднарамонтны завод. У горадзе працуюць сельскагаспадарчы тэхнікум і педагагічны каледж, краязнаўчы музей.

Рагачоў (каля 35 тыс. жыхароў) знаходзіцца за 121 км на поўнач ад Гомеля ля сутокаў Дняпра і Друці. Упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 1142 г. Зараз у горадзе працуюць малочнакансервавы камбінат, завод «Дыяпраектар», прадпрыемствы прамысловасці будаўнічых матэрыялаў Створаны музей народнай славы.

Астатнія гарады Гомельскай вобласці саступаюць вышэйназваным гарадам і па колькасці насельніцтва, і па гаспадарчым значэнні. Усе яны арыентуюцца на перапрацоўку мясцовай сыравіны і сарыентаваны на забеспячэнне патрэб сваіх жыхароў і навакольнага насельніцтва. Але многія з іх маюць свае адметнасці. Горад Добруш (каля 20 тыс. жыхароў) вядомы папяровай фабрыкай і фарфора-фаянсавым заводам. У Жыткавічах (каля 17 тыс. жыхароў) — маторабудаўнічы завод, у Хойніках (каля 15 тыс. жыхароў) — фабрыка мастацкіх вырабаў і філіял гомельскага завода «Гідрапрывад», у Петрыкаве (звыш за 10 тыс. жыхароў) — суднабудаўніча-суднарамонтны завод, у Ельску (10 тыс. жыхароў) — мэблевая фабрыка, у Нароўлі (звыш 8 тыс. жыхароў) — кандытарская фабрыка «Чырвоны мазыранін», у Ветцы (каля 8 тыс. жыхароў) — бавоўнапрадзільная фабрыка і музей народнай творчасці, у Тураве (больш за 3 тыс. жыхароў) — краязнаўчы музей і гістарычныя помнікі.

 

 

факт для роздуму

Радыяцыйны маніторынг атмасфернага паветра сведчыць, што цяпер у параўнанні з 1986 г. магутнасць экспазіцыйнай дозы (МЭД) гама-выпрамянення за кошт натуральнага распаду радыенуклідаў зменшылася ў Брагіне і Мазыры ў 70 разоў; узроўні МЭД дасягнуць дааварыйнага ўзроўню ў Брагіне прыблізна ў 2065 г, а ў Чачэрску — у 2024 г. Узроўні радыеактыўнага забруджвання тэрыторыі ёдам-131 былі такімі вялікімі, што апраменьванне ім мільёнаў людзей названа спецыялістамі перыядам «ёдавага ўдару».

 

Карта Гомельскай вобласці

Фізічная карта

Палітыка адміністрацыйная карта

Тэктанічная карта

Глебавая карта

Транспарт

Кантроль ведаў (тэст)

 

На галоўную

Хостинг от uCoz