Вобласці Беларусі   

Гродзенская вобласць 

Прыродныя ўмовы. Гродзенская вобласць знаходзіцца на захадзе Беларусі і мяжуе з Польшчай і Літвой. Гэта самая маленькая па плошчы (25,1 тыс. км2) вобласць краіны. У цэнтры знаходзіцца Нёманская нізіна, якая выцягнута ўздоўж Нёмана. На крайнім паўночным усходзе ляжыць частка Нарачана-Вілейскай раўніны, а на паўднёвым захадзе ад яе — Ашмянскае ўзвышша з найвышэйшым пунктам 320 м над узроўнем мора (гара Мілідаўская). На поўначы вобласці ляжыць Лідская раўніна. Уздоўж меж вобласці знаходзяцца ўзвышшы. 3 карысных выкапняў найбольш распаўсюджаны торф, мел, гліны, цэментная і вапнавая сыравіна, сілікатныя пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял. У Карэліцкім раёне знойдзена радовішча ільменіт-магнетытавых руд. Клімат на тэрыторыі вобласці ўмерана кантынентальны з кароткай і цёплай зімой, доўгім і ўмерана цёплым летам. Па тэрыторыі працякаюць рака Нёман з прытокамі Вілія, Бярэзіна, Гаўя, Дзітва, Лебяда, Котра, Уша, Сэрвач, Моўчадзь, Шчара, Зальвянка, Рось, Свіслач. Азёр мала, найбольшыя з іх Белае, Рыбніца, Малочнае, Свіцязь. Глебы ў асноўным дзярнова-падзолістыя. Лясамі занята 1/3 тэрыторыі вобласці. Найбольшая лясістасць — у Свіслацкім раёне, найменш лясоў — у Зэльвенскім і Бераставіцкім раёнах. На Гродзеншчыне знаходзяцца поўнасцю або часткова буйныя лясныя масівы-пушчы — Налібоцкая, Ліпічанская, Графская, Белавежская. Балотамі занята 6,6 % тэрыторыі, яны ў асноўным нізінныя і большай часткай асушаныя. На тэрыторыю вобласці заходзіць частка Нацыянальнага парку «Белавежская пушча».

Насельніцтва. Па колькасці насельніцтва (1,1 млн чалавек) Гродзенская вобласць саступае ўсім абласцям Беларусі, затое па колькасці сельскага насельніцтва апярэджвае Віцебскую і Магілёўскую вобласці. Тут высокая сярэдняя шчыльнасць насельніцтва (46 чал/км2), але па тэрыторыі вагаецда ад 16 чал/км2 — у Свіслацкім да 69 чал/км2 — у Ваўкавыскім раёнах. Гарадское насельніцтва складае 65 % агульнай колькасці насельніцтва. Жывуць у асноўным беларусы (62 %), але многа палякаў (25 %) і рускіх (10 %). У вобласці на сучасны момант налічваецца 17 адміністрацыйных раёнаў, 32 гарадскія паселішчы і амаль 4,4 тыс. сельскіх населеных пунктаў

Прамысловасць. У геаграфічным падзеле працы ў краіне Гродзенская вобласць вылучаецца вытворчасцю прадукцыі машынабудавання, хімічнай, дрэваапрацоўчай і будаўнічых матэрыялаў прамысловасцю. У Гродзенскай вобласці сканцэнтравана ўся вытворчасць у Беларусі бульбаўборачных машын, капралактаму, сінтэтычнага аміяку, вырабляецца 95 % ад агульнага аб’ёму вытворчасці ў краіне азотных угнаенняў, 40 % лакафарбавых матэрыялаў, 95% трактарных сеялак, 73 % радыёпрыёмных прылад, 61 %  шыферу 46 % цэменту — усяго каля 400 відаў прадукцыі.

Асноўныя прамысловыя прадпрыемствы знаходзяцца ў шматгаліновых цэнтрах: гарадах Гродна, Ліда, Слонім, Ваўкавыск, Навагрудак, Смаргонь. Усяго больш за 200 прадпрыемстваў вобласці выпускаюць каля 10 % прадукцыі краіны. Створана свабодная эканамічная зона «Гродна-Інвест». Замежныя сувязі ажыццяўляюцца ў рамках еўрарэгіёна «Нёман».

Сельская гаспадарка. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі (каля 1,3 млн га) займаюць больш паловы тэрыторыі вобласці. Па эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці Гродзенская вобласць займае вядучае месца ў краіне. Спецыялізацыя сельскай гаспадаркі на поўначы і паўночным усходзе — развітая малочна-мясная жывёлагадоўля і свінагадоўля з развітым ільнаводствам, на ўсходзе — малочна-мясная і мяса-малочная жывёлагадоўля з развітым бульбаводствам і пасевамі льну, на захадзе — высокаразвітая малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля з сеяннем цукровых буракоў і бульбаводствам. Вакол Гродна сфарміравалася прыгарадная спецыялізацыя, такая ж фарміруецца вакол Ліды. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры.

Транспарт. Па тэрыторыі вобласці (з Вільні праз Парэчча і Гродна на Варшаву) у 1862 г. прайшла першая ў Беларусі Пецярбургска-Варшаўская чыгунка. Цяпер працягласць чыгункі на Гродзеншчыне складае 672 км. Чыгуначнымі вузламі з’яўляюцца Гродна, Ліда, Ваўкавыск і Масты. Амаль усе аўтамабільныя дарогі агульнага карыстання ў вобласці маюць цвёрдае пакрыццё. Вялікія перспектывы ў развіцці рачнога транспарту на Нёмане і асабліва на Аўгустоўскім канале.

Гарады. Зусім нядаўна колькасць насельніцтва ў абласным горадзе Гродна была невялікай, у архітэктуры і планіроўцы ён дагэтуль захаваў рысы губернскага цэнтра XIX ст. Зараз тут жывуць каля 315 тыс. жыхароў Гэта пяты па колькасці жыхароў горад краіны. Размешчаны горад за 300 км на захад ад Мінска, побач з дзяржаўнай мяжой на абаіх берагах Нёмана пры ўпадзенні ў яго ракі Гараднічанкі. Узнік у канцы X ст., упершыню ў летапісе ўпамінаецца пад 1127 г.

Зараз Гродна — адзін з вядучых прамысловых цэнтраў Беларусі. Галоўнай галіной з’яўляецца хімічная прамысловасць. Шырока вядомы акцыянерныя таварыствы «Гродна-Азот», «Гродна-Хімвалакно». У Гродне ёсць шклозавод, будуецца гідраэлектрастанцыя.

Горад з’яўляецца буйным цэнтрам культуры і навукі. Тут працуюць 10 каледжаў, універсітэт імя Я.Купалы, медыцынскі і аграрны універсітэт, Вышэйшая духоўная каталіцкая семінарыя. У Гродне знаходзіцца адзіны ў краіне музей гісторыі рэлігіі,  працуюць гістарычна-археалагічны музей, музей рамёстваў, дамы-музеі М. Багдановіча, Э. Ажэшкі, абласны драматычны тэатр і тэатр лялек, старэйшы ў Беларусі заапарк. Візітнай культурнай карткай горада з’яўляецца Усебеларускі фестываль нацыянальных культур. Гродна — адзін з гарадоў Беларусі, дзе захавалася амаль цалкам старажытная планіроўка. Больш за 400 аб’ектаў гісторыі і архітэктуры розных стыляў XII—XX стст. знаходзяцца пад аховай дзяржавы, у тым ліку комплекс Старога замка XI—XIX стст., Барыса-Глебская (Каложская) царква XII ст. У Гродне доўгі час жылі пісьменнікі Э. Ажэшка, В. Быкаў, тут прайшло дзяцінства паэта М. Багдановіча.

Другі горад вобласці Ліда (каля 100 тыс. жыхароў) вядомы з 1380 г. Размешчаны за 112 км на паўночны ўсход ад Гродна на рацэ Лідзея. У сучасным горадзе больш за 30 прамысловых прадпрыемстваў машынабудавання, хімічнай, харчовай і лёгкай прамысловасці. У горадзе працуе краязнаўчы музей, знаходзіцца замак — помнік абарончай архітэктуры XIV ст.

Слонім (звыш 50 тыс. жыхароў) размешчаны на рацэ Шчара пры ўпадзенні ў яе ракі Іса за 143 км на паўднёвы захад ад Гродна. Вядомы з XIII ст. Развіваўся як гандлёва-рамесніцкі цэнтр. Цяпер тут працуе больш за 20 прадпрыемстваў, найбольш значныя з якіх «Слоніммэбля», кардонна-папяровы завод «Альбярцін», камвольна-прадзільная фабрыка. 3 устаноў культуры можна адзначыць драматычны тэатр і краязнаўчы музей імя I. I. Стаброўскага (дзейнічае з 1929 г). У межах горада пачынаецца Агінскі канал. Каля горада ў вёсцы Жыровічы знаходзіцца помнік архітэктуры і адначасова дзеючыя Жыровіцкі Свята-Успенскі мужчынскі манастыр і Мінская духоўная акадэмія. У манастыры захоўваецца адна з хрысціянскіх святынь Беларусі — Жыровіцкі абраз Маці Божай.

Ваўкавыск (каля 50 тыс. жыхароў) размешчаны за 86 км на паўднёвы захад ад Гродна на рацэ Рось пры ўпадзенні ў яе ракі Ваўкавыя на перакрыжаванні чыгункі. Гэта цэнтр машынабудавання і харчовай прамысловасці. У горадзе ёсць ваенна-гістарычны музей ім. П. I. Баграціёна. Непадалёку ад Ваўкавыска знаходзіцца г. п. Краснасельскі — буйны цэнтр цэментнай прамысловасці.

У   апошнія   гады   існавання   СССР   горад   Смаргонь   (звыш 35 тыс. жыхароў) вельмі хутка развіваўся і меў магчымасць стаць другім горадам вобласці. Знаходзіцца за 260 км на поўначы ад Гродна на рацэ Оксна і яе прытока Гервятка. У горадзе працуюць завод аптычнага станкабудавання і агрэгатны завод, прадпрыемства «Смаргоньсілікатабетон».

Горад Навагрудак (болын за 30 тыс. жыхароў) знаходзіцца за 162 км на ўсход ад Гродна. Узнік у канцы X ст., а ўжо ў XIII ст. дасягнуў значнага эканамічнага і культурнага развіцця і з 1252 г. стаў першым цэнтрам (сталіцай) Вялікага княства Літоўскага, якое пачынала фарміравацца. Цяпер у горадзе працуюць больш за 10 прамысловых прадпрыемстваў, гісторыка-краязнаўчы музей і дом-музей А. Міцкевіча. На Замкавай гары захаваліся рэшткі замка — старажытнага цэнтра горада, дзе зараз праводзяцца фестывалі сярэднявечнай культуры. Горад Масты (каля 18 тыс. жыхароў) знаходзіцца на рацэ Нёман пры ўпадзенні ў яе ракі Зальвянкі за 60 км на паўднёвы ўсход ад Гродна. Вядомы як буйны цэнтр дрэваапрацоўчай прамысловасці. Развітым машынабудаваннем вызначаецца горад Шчучын (16 тыс. жыхароў).

Сярод іншых гарадоў Гродненскай вобласці можна вылучыць Бярозаўку (12 тыс. жыхароў) са шклозаводам «Нёман», Скідаль (звыш 10 тыс. жыхароў) з цукровым заводам, Ашмяны (каля 15 тыс. жыхароў) з краязнаўчым музеем імя Ф. Багушэвіча. У Карэліцкім раёне вядомы г. п. Мір з замкава-паркавым комплексам XVI ст., уключаным ЮНЕСКА ў спіс сусветнай спадчыны.

 

 

факт для роздуму

Гродзенскі староста А. Тызенгаўз у 1770—1780-х гг. заснаваў у Гродне і яго ваколіцах шэраг мануфактур. У гэты час у горадзе існавала ўрачэбная акадэмія, якая паклала пачатак развіццю медыцынскай навукі ў Беларусі. Пры акадэміі былі шпіталь і батанічны сад. Дзейнічалі прафесійныя школы (ветэрынарная, бухгалтэрыі і рахункаводства, землямерная, тэатральная і інш.), кадэцкі корпус, бібліятэка, музей гісторыі прыроды. Выдаваліся газета, календары, дзейнічаў тэатр. У 1793 г. у Гродне прайшоў сейм, на якім быў зацверджаны другі падзел Рэчы Паспалітай.

 

Карта Гродзенскай вобласці

Фізічная карта

Палітыка адміністрацыйная карта

Тэктанічная карта

Глебавая карта

Транспарт

Кантроль ведаў (тэст)

Прэзентацыя да ўрока

 

На галоўную

Хостинг от uCoz