Вобласці Беларусі   

Мінская вобласць 

Прыродныя ўмовы. Мінская вобласць знаходзіцца ў цэнтры Беларусі. Гэта самая вялікая па плошчы і колькасці насельніцтва вобласць і адзіная, якая не мае меж з замежнымі краінамі. Займае плошчу 40,8 тыс. км2. Тэрыторыя выцягнута ў напрамку з поўначы на поўдзень. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986 г.1,67 тыс. км2 забруджана радыенуклідамі, найбольш забруджаны тэрыторыі Бярэзінскага і Валожынскага раёнаў. Рэльеф вобласці вельмі разнастайны. На паўночным захадзе ляжыць Мінскае ўзвышша з самым высокім пунктам у Беларусі — гарой Дзяржынскай (345 м). На паўночным усходзе знаходзяцца адгор’і Аршанскага ўзвышша. Крайні паўночны захад займае Нарачана-Вілейская, паўночны ўсход — Верхнебярэзінская нізіны, усходнюю частку — Цэнтральна-бярэзінская, паўднёвую — Стаўбцоўская раўніны, Капыльская града і Палеская нізіна. 3 радовішчаў карысных выкапняў вылучаюцца радовішчы калійнай і каменнай солей, гаручых сланцаў, жалезнай руды, торфу Знойдзены таксама радовішчы мелу, пяску, пясчана-жвіровага матэрыялу, гліны, сапрапелю. Маецца шмат крыніц мінеральнай вады. Зіма мяккая, а лета цёплае.

Большая частка рэк адносіцца да басейна Дняпра. У паўночна-заходняй частцы цячэ рака Бярэзіна з прытокамі. На поўдні — Пціч і Случ (рэкі басейна Прыпяці), Нёман, які пачынаецца ў межах вобласці. На паўночным захадзе цячэ Вілія з прытокамі. Тэрыторыю вобласці перасякае Балтыйска-Чарнаморскі водападзел, рэкі басейна Балтыйскага і Чорнага мораў звязаны Вілейска-Мінскай воднай сістэмай. Большасць азёр (Нарач, Мястра, Свір і інш.) знаходзяцца на паўночным захадзе, у іншых мясцінах таксама ёсць значныя азёры (Палік, Сялява, Сяргееўскае). Створаны Вілейскае, Заслаўскае, Любанскае, Салігорскае, Чырвонаслабодскае, Пятровіцкае і іншыя вадасховішчы.

Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя супясчаныя і сугліністыя, маюцца таксама тарфяна-балотныя. Пад балотамі занята 14,3 % плошчы, і амаль усе яны асушаны. Лес займае 36 % тэрыторыі вобласці, найболыная лясістасць у Барысаўскім, Лагойскім, Старадарожскім і Бярэзінскім раёнах. На тэрыторыі вобласці знаходзіцца вялікі масіў Налібоцкай пушчы, частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка, прыродны Нацыянальны парк «Нарачанскі». Каля вёскі Антонава Пухавіцкага раёна вызначаны геаграфічны цэнтр Беларусі.

Насельніцтва. У вобласці пражываюць 1,5 млн чалавек (і гэта без уліку жыхароў Мінска). Пераважаюць беларусы (89 %), жывуць таксама рускія (7 %), палякі (2 %), украінцы (1,3 %).  Сярэдняя шчыльнасць складае каля 40 чал/км2, сельскага насельніцтва крыху больш за 18 чал/км2. Гарадское насельніцтва (без Мінска) складае 53,5 %. У складзе вобласці 24 гарады і 19 пасёлкаў, 5,2 тыс. сельскіх населеных пунктаў.

Прамысловасць. Мінская вобласць мае развіты гаспадарчы комплекс, які вызначаецца перш за ўсё яе сталічнасцю. Для прамысловасці характэрны разнастайная галіновая структура і цесныя вытворчыя сувязі з прамысловым комплексам Мінска. У вобласці знаходзяцца філіялы і падраздзяленні многіх буйных мінскіх прадпрыемстваў і аб’яднанняў. Тут развіты хімічная прамысловасць, машынабудаванне і металаапрацоўка, харчовая прамысловасць, якія даюць амаль 3/4 аб’ёму прамысловай прадукцыі вобласці.

Тэрыторыю Мінскай вобласці ў розных напрамках перасякаюць чыгункі і аўтамабільныя дарогі, трубаправоды і лініі электраперадач. Вобласць вызначаецца высокім узроўнем развіцця сацыяльнага комплексу. Дзейнічае свабодная эканамічная зона «Мінск».

На долю Мінскай вобласці прыпадае 14 % рэспубліканскага аб’ёму прамысловай прадукцыі. Тут вырабляецца ўвесь рэспубліканскі аб’ём вытворчасці калійных угнаенняў, 52 % трыкатажных вырабаў, 55 % цукру-пяску, 52 % макаронных вырабаў,  42 % мінеральнай вады.

Сельская гаспадарка. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі ў Мінскай вобласці займаюць 1,9 млн га, або 47 % тэрыторыі.

Найбольш асвоенымі ў сельскагаспадарчых адносінах з’яўляюцца Нясвіжскі, Капыльскі, Слуцкі і Клецкі раёны, дзе сельскагаспадарчыя землі складаюць больш за 60 % тэрыторыі.

Сельская гаспадарка зарыентавана на забеспячэнне патрэб насельніцтва Мінска і вобласці ў харчовых прадуктах. Поўнач і паўночны ўсход вобласці займае зона спецыялізацыі сельскай гаспадаркі на малочна-мясной жывёлагадоўлі і развітай свінагадоўлі і льнаводстве. Паўночны захад, усход і паўднёвы ўсход спецыялізуюцца на малочна-мясной і мяса-малочнай жывёлагадоўлі з развітым бульбаводствам і пасевамі льну. Паўднёвы захад і поўдзень — зона высокаразвітай малочна-мясной і мяса-малочнай жывёлагадоўлі з сеяннем цукровых буракоў і бульбаводствам. Вакол Мінска ўжо даўно сфарміравалася самая вялікая ў Беларусі прыгарадная зона спецыялізацыі. Такія ж зоны зараз ствараюцца вакол Барысава, Маладзечна і Салігорска.

Гарады. Цэнтр вобласці горад Мінск і адначасова сталіца Рэспублікі Беларусь — галоўны палітычны, эканамічны, навуковы і культурны цэнтр краіны. Тут знаходзяцца дзяржаўныя рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урада краіны і дзяржаўных устаноў, дыпламатычных прадстаўніцтваў, каардынуючых органаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Гэта галоўны транспартны вузел краіны і вузел тэлекамунікацыйных сетак.

Мінск размешчаны на рацэ Свіслач, амаль у цэнтры краіны. У ім пражывае больш за 1,7 млн чалавек розных нацыянальнасцей і веравызнанняў.

Мінск сёння — найбуйнейшы індустрыяльны цэнтр Беларусі, таму звычайна яго гаспадарчы комплекс разглядаецца асобна ад абласнога комплексу У горадзе выпускаецца больш за 20 % прамысловай прадукцыі Беларусі.   У   структуры   прамысловасці вядучай галіной з’яўляюцца машынабудаванне і металаапрацоўка. Тут вырабляюцца ўсе ў Беларусі трактары, веласіпеды, халадзільнікі, большая частка грузавых аўтамабіляў, больш за палову пральных машын, тэлевізараў.

У Мінску працуюць 22 дзяржаўныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, у тым ліку 12 універсітэтаў (БДУ, аграрна-тэхнічны, педагагічны імя М. Танка, нацыянальны тэхнічны, тэхналагічны, інфарматыкі і радыёэлектронікі, эканамічны, кулыуры і мастацтваў і інш.), 5 акадэмій (мастацтваў, музыкі, ваенная і інш.), 4 вышэйшыя каледжы, 8 недзяржаўных ВНУ У горадзе знаходзіцца большасць навукова-даследчых інстытутаў Нацыянальнай АН Беларусі і Акадэміі аграрных навук Беларусі. Тут налічваецца 16 музеяў, 11 тэатраў, Нацыянальная бібліятэка, Палац Рэспублікі, праводзяцца шматлікія фестывалі. Дзейнічае адзіны ў Беларусі метрапалітэн.

Горад Барысаў (больш за 150 тыс. жыхароў) знаходзіцца за 61 км на паўночны ўсход ад Мінска на рацэ Бярэзіна. Упершыню ў пісьмовых крыніцах упамінаецца пад 1127 г. Цяпер тут размешчаны 40 прамысловых прадпрыемстваў машынабудавання і металаапрацоўкі, хімічнай, дрэваапрацоўчай, фармацэўтычнай і іншых галін.

Маладзечна (каля 100 тыс. жыхароў) размешчана на рацэ Уша, за 72 км на паўночны захад ад Мінска (мал. 164). Тут працуюць шматлікія прадпрыемствы машынабудавання, дрэваапрацоўчай, лёгкай і харчовай прамысловасці, у тым ліку адзіны ў Беларусі завод парашковай металургіі. Працуюць таксама драматычны тэатр і тэатр лялек «Батлейка», краязнаўчы музей. Горад вядомы фестывалем беларускай песні і паэзіі, тэатральным фестывалем «Маладзечанская сакавіца».

Горад Салігорск (больш за 100 тыс. жыхароў) знаходзіцца за 132 км на поўдзень ад Мінска на беразе вадасховішча. Быў заснаваны ў 1958 г., а горадам стаў у 1963 г. Спецыфіку горада вызначае унікальная для Беларусі спецыялізацыя прамысловага комплексу і нетрадыцыйны характар планіроўкі. У горадзе і яго наваколлі размешчаны прадпрыемствы аднаго з буйнейшых у свеце вытворцаў калійных угнаенняў аб’яднання «Беларуськалій» (мал. 165). Дзейнічаюць краязнаўчы музей, інстытут праблем рэсурсазберажэння з доследнай вытворчасцю.

Горад Слуцк (больш   за 60 тыс. жыхароў) размяшчаецца на рацэ Случ, за 105 км на поўдзень ад Мінска. Упершыню ўпамінаецца пад 1116 г. у «Аповесці мінулых гадоў» як горад Тураўскай зямлі. Сучасны Слуцк — цэнтр лёгкай і харчовай прамысловасці. У горадзе дзейнічае краязнаўчы музей з філіяламі.

У маладым горадзе Жодзіна (звыш 60 тыс. жыхароў) працуюць Беларускі аўтамабільны завод і трыкатажная фабрыка, у Вілейцы (30 тыс. жыхароў) — прыладабудаўнічы завод «Зеніт» і мэблевая фабрыка, гісторыка-краязнаўчы музей з выставачнай залай імя Н. Ю. Сілівановіча, у Дзяржынску (каля 25 тыс. жыхароў) — доследна-механічны, эксперыментальна-механічны і маторны заводы, швейная фабрыка, Дзяржаўны архіў кінафота-дакументаў, гісторыка-краязнаўчы музей, у Мар’інай Горцы (каля 24 тыс. жыхароў) — прадпрыемствы харчовай прамысловасці.

Старажытны горад Нясвіж (каля 15 тыс. жыхароў) больш вядомы сваёй гістарычнай спадчынай. Тут знаходзіцца гісторыка-культурны запаведнік «Нясвіж». Палацавы комплекс унесены ЮНЕСКА ў Спіс сусветнай спадчыны. 3 горадам звязана дзейнасць у XVI ст. асветніка і друкара Сымона Буднага.

Іншыя гарады Мінскай вобласці выступаюць як цэнтры перапрацоўкі сельскагаспадарчай сыравіны і сацыяльнага абслугоўвання мясцовага насельніцтва. Але ёсць і некаторыя адметнасці. Вакол Лагойска фарміруецца Рэспубліканскі горна-лыжны цэнтр. У г. п. Плешчаніцах з 1960 г. дзейнічае геафізічная абсерваторыя. Характэрнай рысай для Мінскай вобласці з’яўляецца наяўнасць прамысловых прадпрыемстваў у сельскіх населеных пунктах. Многія з іх займаюцца перапрацоўкай сельскагаспадарчай сыравіны і лесапілаваннем, а ў некаторых знаходзяцца адмысловыя для сельскай мясцовасці прадпрыемствы. У вёсцы Сіняўка (Клецкі раён) — мэблевая фабрыка, пас. Партызанскі (Вілейскі раён) — шклозавод, у вёсках Раёўка (Маладзечанскі раён) — кардонная фабрыка, Астрашыцкі гарадок (Мінскі раён) — мэблевая фабрыка і доследна-механічны завод, Сёмкава (Мінскі раён) — фабрыка цацак, Атоліна (Мінскі раён) — завод «Адамас» па выпуску штучных алмазаў, Габрылёўка (Пухавіцкі раён) — механічны завод, Усяж (Смалявіцкі раён) — заводы сілікатных вырабаў і цеплаабменнага абсталявання. У некаторых сельскіх паселішчах вобласці знаходзяцца дамы адпачынку, санаторыі, помнікі архітэктуры і гісторыі. У в. Крупіца (Мінскі раён) існуе фальклорны ансамбль «Крупіцкія музыкі», а ў в. Морач (Клецкі раён) — народны хор, добра вядомыя ў краіне калектывы

 

факт для роздуму

Па сведчанні А. А. Смоліча фабрычна-заводская прамысловасць Мінска ў пачатку XX ст. хутка развівалася. Найбольш была развіта металаапрацоўчая прамысловасць. На 5 машынабудаўнічых фабрыках працавала каля 500 работнікаў Мелася яшчэ 5 фабрык шпалераў (з 300 работнікамі), 3 гарбарні, 5 цагельняў, 3 дражджавыя заводы (бровары), фабрыка грабянёў фабрыкі тытунёвыя, мылаварныя, гільзавыя і інш. На ўсіх фабрыках было занята звыш 2 тыс. работнікаў

 

 

Карта Мінскай вобласці

Фізічная карта

Палітыка адміністрацыйная карта

Тэктанічная карта

Глебавая карта

Транспарт

Кантроль ведаў (тэст)

Прэзентацыя да ўрока

 

На галоўную

Хостинг от uCoz