Вобласці Беларусі   

Магілёўская вобласць 

Прыродныя ўмовы. Магілёўская вобласць знаходзіцца на ўсходзе Беларусі і мяжуе выключна з абласцямі Расіі. Па плошчы (29,1 тыс. км2) пераўзыходзіць толькі Гродзенскую вобласць. Значная частка тэрыторыі (35,7 %) забруджана радыенуклідамі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, асабліва пацярпелі Краснапольскі, Чэрыкаўскі, Касцюковіцкі і Слаўгарадскі раёны. Паверхня вобласці пераважна раўнінная. Большая частка тэрыторыі ляжыць на Аршанска-Магілёўскай і Цэнтральнабярэзінскай раўнінах. 3 карысных выкапняў найбольш каштоўныя цэментны мел і мергель. Вобласць валодае каля 3/4 агульнарэспубліканскіх запасаў гэтай сыравіны. Ёсць радовішчы фасфарытаў, гліны, пясчана-жвіровага матэрыялу, будаўнічых і сілікатных пяскоў, торфу, сапрапелю. На паўднёвым захадзе, у Глускім раёне, здабываецца нафта.

Кліматычныя ўмовы спрыяльныя для сельскай гаспадаркі. Зіма мяккая, лета цёплае. 3 поўначы на поўдзень вобласць перасякае рака Дняпро з найбольш буйнымі прытокамі Друць, Бярэзіна, Сож. 3 іншых рэк можна вылучыць Пціч, Аслік, Свіслач, Проню, Беседзь, Басю. Азёр мала. На рэках ёсць вадасховішчы (Асіповіцкае, Чыгірынскае, Цяцерынскае). У адрозненне ад іншых абласцей тэрыторыя вобласці менш забалочана; пад балотамі занята ўсяго 3,5 % тэрыторыі, і болынасць з іх асушана. Пераважаюць суглінкавыя і супясчаныя глебы. Лес займае каля 37 % тэрыторыі вобласці, а найболын лясістыя раёны знаходзяцца на паўднёвым захадзе, у басейне Бярэзіны.

Насельніцтва. Па агульнай колькасці насельніцтва (каля 1,2 млн чалавек) вобласць пераўзыходзіць толькі Гродзенскую, а па колькасці сельскіх жыхароў займае сярод абласцей апошняе месца. Менш, чым у іншых абласцях, гарадскіх паселішчаў: 15 гарадоў, 6 гарадскіх пасёлкаў і 3 рабочыя пасёлкі. У вобласці налічваецца 3,1 тыс. сельскіх населеных пунктаў. Асноўнае насельніцтва складаюць беларусы (86 %). Жывуць таксама рускія (11 %), украінцы (1,7 %) яўрэі (0,3 %). Сярэдняя шчыльнасць 42 чал/км2, у гарадах жывуць каля 73 % жыхароў.

Прамысловасць. Прадпрыемствы Магілёўскай вобласці вырабляюць амаль 9 % рэспубліканскага аб’ёму прамысловай прадукцыі. Вобласць спецыялізуецца на вытворчасці хімічнай і нафтахімічнай прадукцыі, машынабудаванні, дрэваапрацоўцы, цэментнай прамысловасці, шэрага галін лёгкай і харчовай прамысловасці.

У вобласці створана свабодная эканамічная зона «Магілёў». У Магілёўскай вобласці сканцэнтраваны ўвесь агульнарэспубліканскі аб’ём вытворчасці ліфтаў, шын для аўтамабіляў і сельскагаспадарчай тэхнікі. Прадпрыемствы вобласці вырабляюць 87 % агульнай вытворчасці ў краіне стальных труб, 88 % трактарных касілак, 32 % электрарухавікоў пераменнага току, 97 % мяккіх дахавых матэрыялаў, 54 % цэменту, 39 % шыферу 47 % хімічных валокнаў і нітак, 63 % шаўковых тканін.

Сельская гаспадарка. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі займаюць каля 1,5 млн га, што складае палову тэрыторыі. Большая частка вобласці знаходзіцца ў зоне спецыялізацыі гаспадарак малочна-мясной і мяса-малочнай жывёлагадоўлі з развітым бульбаводствам і пасевамі льну. Паўднёва-ўсходнія і ўсходнія раёны вызначаюцца мяса-малочнай і малочна-мясной жывёлагадоўляй, развітай свінагадоўляй і бульбаводствам. Вакол Магілёва і Бабруйска склаліся прыгарадныя зоны спецыялізацыі (малочная і малочна-мясная жывёлагадоўля, птушкагадоўля з развітым агародніцтвам, асабліва цяплічным, і садоўніцтвам). У многіх раёнах вырошчваецца лён-даўгунец, але па валавых зборах яго вобласць саступае Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай абласцям. Паўсюдна вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры і бульбу У Магілёўскім, Бабруйскім, Горацкім і Кіраўскім раёнах спецыялізаваныя гаспадаркі займаюцца зверагадоўляй. У Круглянскім, Асіповіцкім і Кіраўскім раёнах развіваецца рыбагадоўля.

Гарады. Самы буйны ў вобласці і трэці ў краіне горад Магілёў (звыш 360 тыс. жыхароў) знаходзіцца на рацэ Дняпро за 201 км на ўсход ад Мінска. Здаўна горад быў буйным адміністрацыйным цэнтрам. У канцы 30-х гг. XX ст. распрацоўваўся праект пераносу сталіцы Беларусі ў Магілёў, але з далучэннем Заходняй Беларусі да БССР у 1939 г. такая неабходнасць адпала. Сведкам гэтага з’яўляецца адміністрацыйны будынак — аналаг Дома Урада ў Мінску.

Сучасны Магілёў — буйны цэнтр хімічнай прамысловасці, машынабудавання, лёгкай і харчовай прамысловасці. Камбінат сінтэтычнага валакна ў складзе акцыянернага таварыства «Магілёўхімвалакно» з’яўляецца самым буйным прадпрыемствам па вытворчасці поліэфірных валокнаў і нітак не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе. У складзе таварыства працуе адно з найстарэйшых прадпрыемстваў хімічнай прамысловасці Беларусі — завод штучнага валакна.

Магілёў — навуковы і культурны цэнтр Беларусі. Тут размешчаны два НДІ Нацыянальнай АН Беларусі, універсітэт імя А. А. Куляшова, тэхнічны універсітэт, універсітэт харчавання, філіял Беларускай акадэміі музыкі. У горадзе працуюць два абласныя тэатры, абласная філармонія, пяць музеяў з філіяламі. Праводзяцца вядомыя фестывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа», эстрадны — «Залаты шлягер», бальнага танца — «Зімовая фантазія».

Магілёў — радзіма вучонага-прыродазнаўцы М. К Судзілоўскага і даследчыка Арктыкі О. Ю. Шміта.

Другі горад вобласці Бабруйск (220 тыс. жыхароў) знаходзіцца на рацэ Бярэзіна за 110 км на паўднёвы захад ад Магілёва. Першае пісьмовае ўпамінанне адносіцца да 1387 г. Асноўнае месца ў сучаснай галіновай прамысловай структуры належыць хімічнай і нафтахі-мічнай прамысловасці дзякуючы дзейнасці таварыстваў «Белшына» і «Беларусьгуматэхніка». Развіты машынабудаванне і металаапрацоўка. У харчовай прамысловасці горада шырокую вядомасць сваёй прадукцыяй набыло таварыства «Чырвоны харчавік», а ў лёгкай — «Славянка». У Бабруйску знаходзіцца самае буйное ў Беларусі дрэваапрацоўчае прадпрыемства «ФанДАК». У горадзе дзейнічаюць абласны тэатр драмы і камедыі імя В. I. Дуніна-Марцінкевіча, краязнаўчы музей. Вядомы гістарычны цэнтр «Бабруйская крэпасць».

Асіповічы (каля 35 тыс. жыхароў)     размешчаны     на рацэ Сіняя, за 136 км на паўднёвы захад ад Магілёва, чыгуначны вузел. Вядомы з XVIII ст. як вёска, горадам стаў у 1935 г. Найбольш вядомымі прадпрыемствамі з’яўляюцца заводы аўтаагрэгатаў, «Камунмаш», кардонна-руберойдны. У горадзе ёсць гісторыка-краязнаўчы музей.

На рацэ Проні пры ўпадзенні ў яе Парасіцы і Капылькі, за 86 км на паўночны ўсход ад Магілёва, ляжыць горад Горкі (каля 35 тыс. жыхароў) — вядомы цэнтр сельскагаспадарчай навукі і адукацыі. Тут знаходзіцца Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія. Ёсць гісторыка-этнаграфічны музей. На паўночны ўсход ад Горак у вёсцы Леніна створаны мемарыяльны комплекс і музей савецка-польскай баявой садружнасці.

Горад Крычаў (каля 30 тыс. жыхароў) размешчаны на рацэ Сож, за 104 км на ўсход ад Магілёва. Вядомы прадпрыемствамі «Крычаўцэменташыфер» і заводам гумавых вырабаў У горадзе ёсць краязнаўчы музей. У Быхаве (больш за 17 тыс. жыхароў) кансервава-агароднінасушыльны завод і гісторыка-краязнаўчы музей. Касцюковічы (больш за 16 тыс. жыхароў) развіваюцца дзякуючы Беларускаму цэментнаму заводу. Клімавічы (каля 16 тыс. жыхароў) вядомы прадпрыемствамі харчовай і будаўнічых матэрыялаў прамысловасці. У Шклове (каля 16 тыс. жыхароў) працуюць папяровая фабрыка «Спартак», прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу, ствараецца вытворчасць газетнай паперы. Да ліку старажытных гарадоў адносіцца Мсціслаў (каля 12 тыс. жыхароў). Першае пісьмовае ўпамінанне адносіцца да 1156 г. У ім створаны тры гістарычныя зоны: Траецкая, Замкавая і Дзявочая горы. У горадзе праходзіць штогадовы Беларускі фестываль камернай музыкі, існуе гісторыка-археалагічны музей.

факт для роздуму

У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС з абароту выведзена 47 тыс. га сельскагаспадарчых угоддзяў Пасля распаду СССР з-за негатыўных працэсаў у эканоміцы аб’ём вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі да 1999 г. змяншаўся, але затым стаў павялічвацца і ў 2001 г. дасягнуў узроўню 1990 г. У 90-х гг. пачалося рэфармаванне сельскай гаспадаркі: былі створаны сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы, унітарныя камунальныя сельгаспрадпрыемствы, акцыянерныя таварыствы,  фермерскія гаспадаркі. Але засталіся і ранейшыя формы грамадскіх гаспадарак (калгасы, дапаможныя гаспадаркі прамысловых прадпрыемстваў).

Карта Магілёўскай вобласці

Фізічная карта

Палітыка адміністрацыйная карта

Тэктанічная карта

Глебавая карта

Транспарт

Кантроль ведаў (тэст)

Прэзентацыя да ўрока

На галоўную

Хостинг от uCoz