Вобласці Беларусі   

Віцебская вобласць 

Прыродныя ўмовы. Віцебская вобласць размешчана на поўначы Беларусі. Мяжуе з Літвой, Латвіяй і Расіяй. Па велічыні тэрыторыі (40,1 тыс. км2 ) саступае Мінскай і Гомельскай абласцям. Вобласць называюць «краем блакітных азёр», паколькі яна займае 1-е месца па колькасці і агульнай плошчы азёр. Вобласць ахоплівае сярэдняе цячэнне Заходняй Дзвіны і вярхоўі Дняпра, тут пачынаюцца рэкі Бярэзіна, Друць, Ловаць, знаходзіцца самае глыбокае возера ў Беларусі — Доўгае (53,7 м), геаграфічны цэнтр Еўропы (каля паўночнага берага возера Шо). Большую частку тэрыторыі займае Полацкая нізіна, і толькі ўздоўж яе меж ёсць грады і ўзвышшы. З карысных выкапняў найбольш       пашыраны торф, гліны, даламіт, пясчана-жвіровы матэрыял. Ёсць крыніцы мінеральнай вады, з якіх больш   за ўсё каштоўная і самая старажытная па тэрміну выкарыстання знаходзіцца на поўдзень ад Ушачаў. Клімат умерана кантынентальны. Глебы сельскагаспадарчых угоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-забалочаныя, тарфяна-балотныя. Для іх характэрна мазаічнасць і завалуненасць. Лес займае 34 % усёй тэрыторыі, найбольшая лясістасць у Полацкім і Расонскім раёнах. Пад балотамі знаходзіцца каля 6 % тэрыторыі, але ўжо цяпер на палове іх плошчы праведзены асушальныя работы.

Дзякуючы адноснай аддаленасці ад паўднёвых меж краіны вобласць практычна засталася адзінай вобласцю, тэрыторыя якой амаль не забруджана радыенуклідамі.

У межах вобласці створаны Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры», знаходзіцца большая частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Марэнны рэльеф, умерана халодная зіма з устойлівым снегавым покрывам, дастатковае ўвільгатненне, суглінкавыя, супясчаныя або гліністыя глебы, высокая лясістасць, мноства азёр накладваюць свой адбітак на характар гаспадарчай дзейнасці насельніцтва. Сельскагаспадарчыя палявыя работы тут пачынаюцца пазней, а заканчваюцца раней за іншыя вобласці.

Насельніцтва. У Віцебскай вобласці пражывае 1,3 млн чалавек, або 13,4 % жыхароў нашай краіны. Па колькасці жыхароў вобласць апярэджвае толькі Гродзенскую і Магілёўскую вобласці, а па колькасці сельскага насельніцтва — толькі Магілёўскую. Шчыльнасць насельніцтва тут самая нізкая ў Беларусі (33 чал/км2). Больш шчыльна заселена ўзвышаная ўсходняя частка вобласці, а самая нізкая шчыльнасць насельніцтва — на поўначы Полацкай нізіны.

На тэрыторыі вобласці размешчаны 19 гарадоў і 25 пасёлкаў гарадскога тыпу, 6,5 тыс. сельскіх населеных пунктаў. Гарадское насельніцтва складае 70 % агульнай колькасці насельніцтва.

Прамысловасць. Прадпрыемствы Віцебскай вобласці вырабляюць 17 % рэспубліканскага аб’ёму прамысловай прадукцыі.

Вобласць спецыялізуецца на вытворчасці электраэнергіі, прадукцыі нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі, машынабудавання, лёгкай і харчовай прамысловасці. Тут вырабляецца ўвесь беларускі аб’ём ільняных тканін, поліэтылену, прамысловых швейных машын, амаль увесь аб’ём вапнавай і даламітавай мукі, 52 % прадуктаў нафтаперапрацоўкі, 44 % электраэнергіі, 46 % металарэзных станкоў, 61 % дываноў, 41 % абутку, 38 % панчошных  вырабаў і 75 % алею.

Найбольшыя прамысловыя прадпрыемствы Віцебскай вобласці размешчаны ў Віцебску, Оршы, Полацку і Наваполацку. У Новалукомлі знаходзіцца буйнейшая ў Беларусі Лукомская ДРЭС, а ў г. п. Арэхаўск (Аршанскі раён) — Беларуская ДРЭС, першая буйная электрастанцыя ў Беларусі, пабудаваная яшчэ па плану ГОЭЛРО. У Віцебску створана СЭЗ, якая займаецца вырабам экспартнай прамысловай прадукцыі. Эканамічныя сувязі з іншымі краінамі развіваюцца ў рамках еўрарэгіёна «Азёрны край».

Сельская гаспадарка. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі займаюць 40 % тэрыторыі вобласці (1,6 млн га). Пераважаюць пасяўныя плошчы пад збожжавымі і кармавымі културамі. На паўднёвым захадзе і паўднёвым усходзе вялікія плошчы займае лён. Вырошчваецца таксама бульба. У Аршанскім раёне высокую долю сярод угоддзяў займаюць сады. На азёрах створаны азёрна-рыбныя гаспадаркі. Вобласць спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, ільнаводстве.

Гарады. Абласны горад Віцебск (болын за 350 тыс. жыхароў) — адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі (год заснавання 974) — размешчаны на рацэ Заходняя Дзвіна, у сутоках рэк Віцьба і Лучоса. Яго адлегласць ад сталіцы краіны складае 300 км. Геаграфічнае становішча горада абумовіла з даўніх часоў развіццё Віцебска ў якасці гандлёвага цэнтра. Віцебск — буйны прамысловы і культурны цэнтр Беларусі. Найбольшую ўдзельную вагу ў структуры прамысловай прадукцыі маюць машынабудаванне і лёгкая прамысловасць.

Акрамя прамысловых, транспартных і адміністрацыйна-гаспадарчых функцый, Віцебск выконвае культурныя функцыі. Тут знаходзяцца адзін са старэйшых тэатраў Беларусі — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я.Коласа і Беларускі тэатр «Лялька». Ёсць абласны краязнаўчы музей. Створаны музеі гісторыі віцебскага трамвая, М. П. Шмырова, воінаў-інтэрнацыяналістаў, М. Шагала, прыватная галерэя. Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» лічыцца адным з лепшых фестываляў у свеце. Усяго ж у Віцебску праводзіцца болын за 30 фестываляў рознага ўзроўню.

У горадзе працуюць 4 дзяржаўныя вышэйшыя навучальныя ўстановы (універсітэт імя П. М. Машэрава, акадэмія ветэрынарнай медыцыны, медыцынскі і тэхналагічны універсітэты).

Другі па велічыні горад вобласці — Орша (125 тыс. жыхароў) — знаходзіцца за 80 км ад Віцебска. Гэта старажытны горад (заснаваны ў 1067 г), але развіццё атрымаў толькі ў канцы XIX ст. у сувязі з будаўніцтвам чыгункі. За XX ст. горад ператварыўся ў адзін з буйнейшых чыгуначных вузлоў (шэсць напрамкаў). Тут перасякаюцца чыгункі Брэст — Масква, Санкт-Пецярбург — Адэса, Крычаў —Лепель, аўтамагістралі, побач праходзяць нафта- і газаправоды, лініі электраперадач. Старэйшым прадпрыемствам горада з’яўляецца станкабудаўнічы завод «Чырвоны барацьбіт». Вядома за межамі Беларусі прадукцыя аршанскіх прадпрыемстваў: ільнокамбіната, інструментальнага і прылад актыўнага кантролю заводаў

У горадзе створаны музейны комплекс «Гісторыя і кулыура Аршаншчыны».

Каля Оршы ў горадзе Барань (12 тыс. жыхароў) знаходзіцца буйная фірма «Лёс», якая вядома сваімі радыётэхнічнымі і электроннымі распрацоўкамі. За 35 км на поўдзень ад Оршы знаходзіцца філіял музея Я.Купалы «Ляўкі» і г. п. Копысь — месца нараджэння першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  А. Р Лукашэнкі.

Адзін з найстаражытнейшых гарадоў усходніх славян — Полацк (каля 85 тыс. жыхароў) — узгадваецца ў летапісе пад 862 г. На працягу многіх стагодцзяў ён быў цэнтрам вялікага Полацкага княства, найбольш магутнага на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў IX—XIII стст. Знаходзіцца на рацэ Заходняя Дзвіна пры ўпадзенні ў яе ракі Палаты, за 100 км на захад ад Віцебска. У сучасным Полацку працуюць 16 прадпрыемстваў розных галін прамысловасці. Каля горада будуецца Полацкая гідраэлектрастанцыя. Створаны Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, які ўключае 9 пастаянна дзеючых музеяў (беларускага кнігадрукавання, гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора і інш.) і ахоўную зону старажытнага цэнтра горада. 3 2003 г. працуе філіял Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я- Коласа. Полацк — радзіма Еўфрасінні Полацкай і Ф. Скарыны — вялікіх асветнікаў Беларусі, Сімяона Полацкага — дзеяча адукацыі.

Горад Наваполацк (101 тыс. жыхароў) узнік у 1963 г. непадалёку ад Полацка ў сувязі з будаўніцтвам нафтаперапрацоўчага завода. Цяпер гэта буйны цэнтр паліўнай, нафтахімічнай, электроннай, лёгкай, мікрабіялагічнай і іншых галін прамысловасці. На базе політэхнічнага інстытута ў 1993 г. заснаваны Полацкі універсітэт. Асноўная праблема горада — экалагічная, звязаная са шкодным уздзеяннем на навакольнае асяроддзе хімічных вытворчасцей.

У гарадах — раённых цэнтрах, размешчаных у заходняй частцы вобласці, працуюць пераважна прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны. У горадзе Глыбокае (20 тыс. жыхароў) гэта малочнакансервавы і мясакамбінаты, кансервавы і камбікормавы заводы. У Паставах (25 тыс. жыхароў) — ільнозавод, мясакамбінат, малаказавод, а таксама завод «Беліт», які вырабляе дэталі для тэлевізараў і мікрахвалевыя печы, і сумеснае прадпрыемства «Імпульс». У Міёрах (каля 10 тыс. жыхароў) — прадпрыемствы харчовай, камбікормавай прамысловасці, пачатковай апрацоўкі льну. У цэнтры нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры» ў маляўнічай азёрна-лясной мясцовасці знаходзіцца Браслаў (10 тыс. жыхароў), які адміністрацыйныя і прамысловыя функцыі спалучае з рэкрэацыйнымі.

На поўдні вобласці важнае эканамічнае значэнне маюць Лепель (19 тыс. жыхароў), Чашнікі (каля 10 тыс.) і Новалукомль (15 тыс). У Лепелі размешчаны прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі, дрэваапрацоўчай і харчовай прамысловасці. Адноўлена дзейнасць Лепельскай ГЭС. У Новалукомлі, акрамя буйнейшай у Беларусі Лукомскай ДРЭС, працуюць заводы «Этон» і «Эласт» па выпуску электратэхнічнай прадукцыі. У Чашніках — папяровая фабрыка.

На поўнач ад Віцебска на рацэ Гаражанка ляжыць горад Гарадок (каля 15 тыс. жыхароў), асноўным прадпрыемствам якога з’яўляецца льнозавод.

 

факт для роздуму

На Віцебскую вобласць, як самую дробнанаселеную, за апошнія дзесяцігодцзі прыпала амаль палова ўсіх страт колькасці сельскіх пасяленняў. На яе тэрыторыі знік кожны чацвёрты населены пункт, а ў Шаркоўшчынскім, Расонскім, Міёрскім, Глыбоцкім, Браслаўскім і Бешанковіцкім раёнах страты склалі 30—40 %.

 

Карта Віцебскай вобласці

Фізічная карта

Палітыка адміністрацыйная карта

Тэктанічная карта

Глебавая карта

Транспарт

Кантроль ведаў (тэст)

На галоўную

Хостинг от uCoz